Caritas Пінскай дыяцэзіі перадаў патрабуючым саджанцы

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі працягвае аказваць дапамогу ў перыяд пандэміі патрабуючым, сацыяльным і медыцынскім установам.

На гэтым тыдні супрацоўнікі таварыства перадалі саджанцы шматдзетным, няпоўным, апякунскім і прыёмных сем’ям, людзям з інваліднасцю і пенсіянерам. Кожная сям’я ці асобны чалавек, якія звярталіся з просьбай аб дапамозе, атрымалі саджанцы розных гатункаў: яблыні, грушы, чарэшні, абрыкосы, персікі, куст дурніцаў.

 

Для гаспадаркі новыя саджанцы заўсёды прыдадуцца, сцвярджаюць людзі, таму ўзнікла ідэя дзякуючы спонсарам аказаць такога роду дапамогу.

Людзі вельмі цешыліся атрымаць з аднаго боку незвычайную, а з іншага вельмі неабходную падтрымку, якая праслужыць шмат гадоў.

У праекце ўдзельнічала шмат сем’яў, пенсіянераў і асобаў з інваліднасцю.

Каб перадаць дапамогу, супрацоўнікі таварыства наведалі Пружаны, Брэст, Вялікае Сяло, Тальмінавічы, Мазуркі, Мядзведзічы, Лотвічы, Палонку, Лагішын, Галева, Пінск, Куршынавічы, Пінкавічы, Сеўрукі, Баранавічы, Ляхавічы, Русінавічы, Ганчары, Савейкі, Вялікую Лотву, Новы Свет, Ялова.

Дырэктар таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі выказвае ўдзячнасць усім спонсарам, ахвярадаўцам і валанцёрам, пры падтрымцы якіх у гэты складаны час эпідэміі ёсць магчымасць несці дапамогу патрабуючым.

YouTube
Instagram
VK