Caritas дапамагае патрабуючым на Брэстчыне

Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі аказвае дапамогу ў выглядзе прадуктовых набораў і гігіенічных сродкаў для інвалідаў, пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, сем’яў, у якіх гадуюцца дзеці-інваліды, і людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

У межах дабрачыннай акцыі дапамогу атрымала каля 500 сем’яў. У бліжэйшы час плануецца перадаць яшчэ пару дзясяткаў набораў гігіенічных і санітарных сродкаў для патрабуючых.

Падрыхтоўка да гэтай акцыі пачалася ў жніўні.

Супрацоўнікі і валанцёры таварыства старанна збіралі інфармацыю пра патрабуючых. У падрыхтоўцы не менш важную ролю адыгралі святары Пінскай дыяцэзіі, якія адгукнуліся на просьбу Caritas і дапамаглі ў пошуках патрабуючых у сваіх рэгіёнах. У выніку дапамога была аказана ў такіх населеных пунктах, як Палонка, Ягадная, Сеўрукі, Лотвічы, Іванава, Драгічын, Бездзеж, Гутава, Хомск, Брэст, Каменец, Пелішча, Пружаны, Косава, Івацэвічы, Лясная, Гута, Баранавічы, Мядзведзічы, Сукач, Ганцавічы, Лагішын, Пінкавічы, Пінск, Кобрын і іншыя.

Дзякуючы прыкладзеным намаганням і нягледзячы на перашкоды, дапамогу атрымала вялікая колькасць людзей розных катэгорый, якія пражываюць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Людзі былі вельмі ўдзячныя тым, хто аказаў ім падтрымку ў гэты час, складаны для ўсяго свету па прычыне пандэміі каранавірусу.

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі кс. Януш Чарнамораў выказвае падзяку спонсарам праекту, супрацоўнікам, валанцёрам і людзям добрай волі за актыўную працу ў служэнні патрабуючым.

YouTube
Instagram
VK