«Торба ўсмешак». Дабрачынную акцыю для сем’яў правёў Caritas Пінскай дыяцэзіі

 

З 25 лістапада па 2 снежня Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі праводзіла дабрачынную акцыю «Торба ўсмешак».

 

У межах гэтага партнёрскага праекту дапамогу атрымалі шматдзетныя, няпоўныя, апякунскія і прыёмныя сем’і, а таксама сем’і, у якіх гадуюцца дзеці-інваліды. Падрыхтоўка да дабрачыннай акцыі і збор сродкаў распачаліся яшчэ на пачатку лета, у чэрвені. Дзякуючы прыкладзеным намаганням, на пачатку зімы дапамогу атрымалі паўтысячы дзяцей да 18-гадовага ўзросту.

 

Адбылася гэтая акцыя дзякуючы ахвярнасці вернікаў Лодзьскай архідыяцэзіі (Польшча), якія праз пасрэдніцтва свайго дыяцэзіяльнага Caritas сабралі і перадалі дабрачыннаму таварыству Caritas Пінскай дыяцэзіі ранцы, школьныя торбы і шматлікія школьныя прылады.

 

Акцыя «Торба ўсмешак» адкрыла новую старонку ў дабрачыннай дзейнасці гэтага каталіцкага таварыства ў Пінскай дыяцэзіі.

 

Па распараджэнні біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі акурат з чэрвеня офіс дыяцэзіяльнага Caritas быў перанесены з Чарнаўчыц, што ў Брэсцкім раёне, у горад Пінск, а новым дырэктарам ДКТ Caritas Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны дыякан Януш Чарнамораў.

 

На заканчэнне акцыі «Торба ўсмешак» у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы Палесся ў Лагішыне цэлебравалася святая Імша падзякі Богу за ўсё атрыманае ад Яго дабро, за супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas з Лодзі і Пінска, за ахвярадаўцаў, дабрачынцаў, валанцёраў і ўсіх тых, хто стараецца рабіць дабро заўсёды і ўсюды.

 

 

 

YouTube
Instagram
VK