Курэй-нясушак, пеўняў і корм перадаў патрабуючым Caritas Пінскай дыяцэзіі

У апошнія дні супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі аказалі дапамогу жыхарам Брэсцкай вобласці, перадаўшы ім курэй-нясушак, пеўняў і камбікорм.

Такім чынам скончыўся другі этап праекту Caritas у галіне хатняй гаспадаркі.

У выніку акцыі дапамогу атрымалі 130 сямей з Ляхавіч, Крошына, Юшкавіч, Ішкалдзі, Ганцавіч, Лагішына, Галева, Крыўчыц, Пінска, Брэста, Пружан, Жабінкі, Вялікага Сяла, Петкавіч, Ганчараў, Рачканоў і Баранавіч. Было перададзена 1315 курэй-нясушак, 130 пеўняў і больш за 3 тоны камбікорма.

Сёння, як і тысячы гадоў таму, чалавек мае патрэбу ў «хлебе надзённым», а «хлеб» мае патрэбу ў руках чалавечых; у гэтай працы, гэтым служэнні — араць, сеяць і збіраць плады. Як і тысячы гадоў таму, чалавек мае патрэбу ў дапамозе, падтрымцы, клопаце. На гэтыя вечныя патрэбы чалавека і адказваюць супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага таварыства Caritas Пінскай дыяцэзіі.

У гэтыя дні яны бязвыплатна перадаюць «ежу» ў форме курэй-нясушак, даючы людзям магчымасць карміць сваю сям’ю многія месяцы, а нават і гады.

Тут трэба прыкласці і свае сілы, гадаваць і карміць курэй, таму гэта дапамагае людзям браць адказнасць за сваё жыццё і прасіць Божай дапамогі.

Кожная сям’я, якая мае вялікую патрэбу ў дапамозе, у адпаведнасці з прадстаўленымі дакументамі атрымлівае 10 курэй-нясушак адборных парод з Чэхіі і пародзістага пеўня. Дадаткова на першы час гэтыя сем’і атрымліваюць 25 кг корму.

Сама падрыхтоўка акцыі доўжылася амаль два месяцы, а пасля ў прызначаны дзень адбыўся развоз па гарадах і вёсках доўгачаканых пеўняў і курэй на спецыяльным транспарце.

Шмат працы, дакументаў, узгадненняў, цяжкасцяў і праблем прыйшлося вырашыць дырэктару Caritas Пінскай дыяцэзіі разам з супрацоўнікамі і валанцёрамі, каб людзі атрымалі дапамогу, клопат і ўвагу. Сваім супрацоўнікам і валанцёрам дырэктар кс. Януш Чарнамораў выказвае шчырую падзяку за час цярплівай і клапатлівай працы, за служэнне людзям у цяжкіх сітуацыях, за ўсмешку ўсім, каму перадаецца дапамога, за добрыя словы падтрымкі і суцяшэння сем’ям у цяжкія часы.

Святар таксама дзякуе ўсім ахвярадаўцам, з дапамогаю якіх адбылася акцыя.

 

YouTube
Instagram
VK