Конкурс «Дзяліся цеплынёй свайго сэрца» правёў Caritas Пінскай дыяцэзіі

29 красавіка завяршыўся дзіцячы конкурс, арганізаваны дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas Пінскай дыяцэзіі. Конкурс, які прайшоў у час працяглых вясновых канікул, меў назву «Дзяліся цеплынёй свайго сэрца».

 

Дзецям было прапанавана выказаць свае пачуцці праз малюнак на паперы. Задача была няпростай, але многія ўзяліся за гэтую справу і паспяхова справіліся.

 

Большасць малюнкаў якраз і перадала цеплыню, шчырасць, дабрыню дзіцячых сэрцаў. Як вучыць Бог, менавіта справы міласэрнасці паказваюць бескарылівае служэнне, клопат пра бліжняга. Любоў да Бога праяўляецца ў канкрэтных справах, ва ўзаемнай дапамозе людзям, якім патрэбная падтрымка і маральная, і фізічная. Вялікая справа ці малая, ці проста шчырая ўсмешка — усё гэта ўпрыгожвае свет з Божай дапамогай.

 

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць падарункі — наборы для малявання (фламастары, алоўкі, альбомы).

 

Пераможцы былі вызначаны шляхам адкрытага галасавання ў сацыяльных сетках. Імі сталі Мікалай Малышаў (Пінск), Вікторыя Андросюк і Алёна Сінькоўская (Лагішын), якія атрымаюць каштоўныя падарункі — музычную калонку, беправадныя навушнікі, фітнес-бранзалет.

 

Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што ў пінскім Caritas такія мерапрыемствы стануць традыцыяй, а ўдзельнікі будуць удзячныя за магчымасць праявіць сябе ў добрай справе.

 

 

YouTube
Instagram
VK